3fe29ceb     

Быков Василь - Адна Ноч (На Белорусском Языке)



Васiль Быкаў
Адна ноч
1
"Юнкерсы" з'явiлiся раптоўна.
Iх крыжастыя iмклiвыя ценi нечакана выслiзнулi з-за стромкiх, разбiтых
мiнамi чарапiчных дахаў i абрынулi на горад iмпэтны грымотны рэў. Запаволiўшы
бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамi неба i, заўважыўшы, што
ад блiжэйшага самалёта ўжо адвалiлiся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную
агароджу, збоч вулiцы. Некалькi доўгiх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы i
рукаты баец у шапцы i цеснай старой гiмнасцёрцы, сцiснуўшыся нутром, чакаў.
Бомбы рванулi ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая
гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спiну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка i
звонка бразнула побач, i затым вулiца, шэрыя дамы i сквер патанулi ў вiхуры
шызага пылу.
"Паўтонная, не меней", - падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола
лапацела - ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкi асфальту; у паветры пыльнымi
струменямi церушыла зямля; паволi асядаючы, доўга матлялiся дробныя лiсткi
акацый, шматкi паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму i рэву
матораў прагрукацеў кулямёт - ад пашкрэбанага з балконамi дома насупраць
сыпнула жарствой, i вялiкая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях,
шалёна закруцiлася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлi пiкiроўшчыкi.
Трэба было бегчы далей.
У скверы мiж тоненькiх дрэўцаў ужо замiльгалi прыгнутыя спiны, нехта
выскачыў з-за агароджы i адразу кiнуўся на другi бок вулiцы. Па цёмнаму лапiку
на спiне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з iхняга ўзвода. Узрадаваўшыся,
што наперадзе чалавек, баец ускочыў i, прыгнуўшыся, падаўся следам.
Сяржант у некалькi скачкоў перабег вулiцу i пад новы скогат бомбаў шаснуў
убок, у падваротню. Валока ж трошкi адстаў, ззаду рванула, i калi, задыханы,
ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасцi аж спаткнуўся: з двара на яго
выскачылi два немцы. Валока ажно прысеў, але i немцы тут, вiдаць, не чакалi
яго, пярэднi нешта гергетаў задняму, на iмгненне ў яго расшыраных вачах
блiснуў спалох i здзiўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, цiскануў на
спуск - аўтамат тузануўся, немец выпусцiў з рук карабiн i ляпнуўся тварам на
брук. Яго новенькая блiшчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацiлася на
тратуар.
Куды знiк заднi, Валока не згледзеў.
Будынкi зноў скаланулiся, захiсталiся ад блiзкiх выбухаў, недзе з
грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулi клубы рудога
цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкiнутую немцаву руку, на якой
яшчэ торгалiся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, i кiнуўся ў нейкiя расчыненыя
дзверы. У дзвярах паката хiлiлася столь, i некуды ад парога ўнiз беглi
прыступкi; спяшаючыся, Валока не патрапiў на iх, аўтамат загрукацеў па
прыступках, наверсе яшчэ раз iрванула, i, баец, трываючы боль у назе, паляцеў
у цемру.
Тут было цiха i цёмна. Засень i халодны бетон падлогi прыемна студзiлi яго
разгарачанае, потнае цела. Валока сцiшыўся, услухаўся, ступiў раз, другi,
мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамi i знячэўку
жахнуўся: пальцы шкрэбнулi па нечых пыльных i яшчэ цёплых ад надворнае
гарачынi ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузанулiся з-пад яго рук, i ў
той жа момант нешта тупое i цяжкае гахнула яго ў спiну. Валока войкнуў, ухапiў
ротам паветра i з усяе сiлы рвануў у цемру тыя ногi. Свядомасць разанула
здагадка - немец!
Вораг не ўтрымаўся, хiснуўся, але яго рукi паспелi ўхапiць Валоку за
галаву i сашчапiлiся на шыi. Баец напружыўся, iрвануўся, ды марна. Вор



Назад